Чытаем казкi

Пачытайце дзецям казкі

http://kazki.unicef.by/

 
— Праект — гэта асабістая гісторыя

Дзяцінства немагчыма ўявіць без казкі, таму што слухаць казкі, якія табе расказваюць тата і мама, бабуля ці дзядуля, ці добрая выхавацелька, калі бацькоў няма побач — гэта адно з правоў дзіцяці, запісаных у Канвенцыі аб правах дзіцяці. У ёй сказана, што дзіця мае права на зносіны і на ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на выражэнне сябе, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народу.
Усё гэта ёсць у казках.

Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых пра-прадзедаў ды пра-прабабуляў з намі. Казкі — гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дому, а Вы і Ваш час належаць толькі Вашым дзецям.
Калі мы гаворым пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу мы думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але Вашая ўвага, Вашыя абдымкі, Вашая сіла і абарона, Вашая пяшчота і клопат вельмі патрэбныя Вашым дзецям.

Казкі — гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Вашае дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека, чаму-небудзь новаму.
Мы з задавальненнем працавалі над гэтым праектам, каб перадаць яго Вам — і мы спадзяемся, што прыгожыя і самабытныя беларускія казкі, якія Вы будзеце чытаць і слухаць разам з Вашымі дзецьмі, правы, якія Вы вывучыце разам з імі, і абавязкі, пра якія Вы пагаворыце, стануць яшчэ адным мастком узаемаразумення паміж двума такімі рознымі і цудоўнымі сусветамі — дзіцячым і дарослым.

Калі ў Вас ёсць сям’я — беражыце яе.
Калі няма, мы спадзяемся, што яна абавязкова будзе!

Юрый Аксамітны,
Прадстаўнік Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ)
у Рэспубліцы Беларусь